БЕЛАРУ́СКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ ПАСЛЯДЫПЛО́МНАЙ АДУКА́ЦЫІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1931 як курсы ўдасканалення мед. кадраў пры Мінскім мед. ін-це; з 1932 самастойны інстытут. Сучасная назва з 2000. Мае (2004) ф-ты: хірург., тэрапеўт., сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; цэнтр. н.-д. лабараторыю, дактарантуру, аспірантуру і клінічную ардынатуру. Ажыццяўляе паслядыпломную падрыхтоўку і перападрыхтоўку кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацыі аховы здароўя па ўсіх урачэбных спецыяльнасцях, у т. л. замежных грамадзян; праводзіць атэстацыю ўрачоў, павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх мед. навуч. устаноў, падрыхтоўку навук.-пед. кадраў. Падрыхтоўка кіраўнікоў і спецыялістаў аховы здароўя праводзіцца па цыклах спецыялізацыі працягласцю 2—3 мес і тэматычнага ўдасканалення працягласцю 0,5 мес. За год спецыялізацыю і ўдасканаленне праходзяць каля 15 тыс. чал. На 42 кафедрах працуе 325 выкладчыкаў, у т. л. 72 д-ры і 178 канд. мед. навук. У акадэміі вядуцца навук. даследаванні ў галіне імуналогіі, біяхіміі, радыялогіі, гематалогіі, патамарфалогіі і камп’ютэрна-інфарм. тэхналогій. Выдаецца час. «Медыцына». Апубл. працы: «Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі медыцыны, падрыхтоўкі навуковых і прафесійных кадраў» (т. 1—2, 2001), «Вітаміны, мікра- і макраэлементы» У.В.Гарбачова (2002), «Асновы арганізацыйна-метадычнай службы і статыстычнага аналізу ў ахове здароўя» Э.А.Вальчука, «Арганізацыя клінічна-лабараторнай службы» У.С.Камышнікава, «Папулярная фізіятэрапія» У.С.Улашчыка (усе 2003) і інш. У акадэміі працуюць акадэмікі Нац. АН Беларусі А.М.Міхайлаў, А.У.Руцкі, чл.кар. Нац. АН Беларусі У.С.Улашчык; д-ры навук Л.М.Бяляева, У.В.Гарбачоў, І.М.Грышын, Л.Р.Кажарская, А.Г.Мрочак, Г.Г.Шанько, Р.П.Шорах і інш.
Літ.:
Белорусская академия последипломного образования, 1931—2001. Мн.,2001;
Заведующие кафедрами и профессора БелМАПО, 1931—2001. Мн., 2001.
М.І.Рымжа.
т. 18, кн. 1, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)